ФОТАЯ́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ, ядзерны фотаэфект,
пераўтварэнні атамных ядраў у выніку іх узаемадзеяння з гама-выпрамяненнем. Адбываюцца, калі энергія гама-квантаў перавышае энергію сувязі прадуктаў рэакцыі ў ядры (парогавыя рэакцыі).
Пры ўзаемадзеянні з ядром гама-квант рассейваецца (гл. Рассеянне мікрачасціц) або паглынаецца. Пры паглынанні гама-кванта дастаткова вялікай энергіі атамнае ядро вылучае 1 ці некалькі нуклонаў (найб. імаверна — нейтронаў) ці дзеліцца на асколкі (гл. Дзяленне ядраў). Даследуюць Ф.р. з дапамогай анігіляцыйнага (гл. Анігіляцыя) і тармазнога выпрамянення. Выкарыстоўваюць для даследаванняў структуры ядра, вывучэння элементнага саставу горных парод, сплаваў, сумесей і інш.
І.С.Сацункевіч.
т. 16, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)